арэндзе ў найясьнейшага князя». Яе перацягнулі колькі раз нагайкаю і дапыталіся, дзе жыве той Лявонаў брат. Арыштаваная Аміля расказала ўсё, як гадзін за тры да разьвітаньня з польскім афшэрам яна бачылася з Бушмарам, а пасьля «бавілася ў хаце і на вуліцы з панам паручнікам». Праз месяцаў два яе выпусьцілі, а Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца.
Так справа дацягнулася да польскага адыходу, тады ён і вярнуўся. На адыходзе палякі хутар яго паскублі, дый так маці пачала рашаць гаспадарку, бо ня было сілы ўпраўляцца аднэй.
Нікому Бушмар ні ў чым ня прызнаўся, нават самой Амілі, якая пасьля прышла была сама да яго бледая і трывожная. За ласкавы і нявольніцкі зірк яе вачэй ён тады-ж адвярнуўся ад яе.
— Ня я забіў, — адказаў ён і мацеры.
І маці з таго была ўпэўнена, што сын яе не вінаваты. Час прайшоў і пра цёмнае здарэньне толькі калі-ні-калі ўспаміналі людзі. На Бушмара-ж, можна сказаць, ніхто і ня думаў цяпер.
Другі раз Аміля прышла была да яго ўжо нейк пад восень. Нязвычайная для яе, нездаровая сьмеласьць была ў вачох яе. Узбуджанасьць прыкметна была ў ёй надзвычайная.
— Я прышла запытацца ў цябе, Лявон.
— Пытай.
Ён чуць-чуць паказаў зубы ад штучнага сьмеху.
— Ці ісьці мне замуж? Да мяне адзін сватаецца.
— Калі добры чалавек трапляецца, дык ідзі.