Сабака адбегся і брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.
— Галас, не пазнаў? Ах ты дурны!..
Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленьне. Тады ўзышоў на ганак, спусьціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзьверы — сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.
— Хто?
Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву і падаўся крыху назад.
— Хто? — Зноў запытала жанчына.
— Гаспадар.
— Які гаспадар?
І, здагадаўшыся, загаласіла:
— А божачка-ж мой, Лявон!
Яна з грукатам адкінула ад дзьвярэй завалу і Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку і тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама ня зусім мусіць вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусьціла ўніз рукі і не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.
— Ты… тут?… — запытаўся Бушмар.
— Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…
— Нанялася?