Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменьне прайшло па Бушмаравым твары.

— А маці дзе?

— Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.

Бушмар адчыніў дзьверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасьці плакаць, гаварыць і стагнаць.

Маладая жанчына колькі разоў выходзіла і ўваходзіла — пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу і адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў сьледам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменьне… Выцягнуў з студні вады, паспрабаваў ці добра ходзіць коварат.

Як і заўсёды, пануры быў выгляд яго. Пахадзіўшы па дварэ, ён вышаў за гумно. Там скідаўся сялібны ўзгорак глыбока ўніз, у рэчку. Пад стагоднімі дубамі прэла леташняе іх лісьцё. Малады ельнік зубіў цёмную зеляніну за паплаўною лукою. З трох бакоў быў дубняк і ельнік. З чацьвертага — горбілася поле. Неба над сьветам было высокае, ціхае веснавое.

Бушмар правёў рукою па твары, як-бы зьнімаючы з яго штосьці чужое ў няпрыемнае. Вочы яго ператварыліся ў агністыя стрэлкі. Ён зьняў шапку, расшпіліў жыкетку. Здавалася, што ён хоча гэта пазбавіцца ўсяго лішняга, каб як мага глыбей чуць вялікую музыку лясное адзіноты.