Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня ведаў, што гэтак доўга зацягнецца. Чорт ведае чым займайся тут. Хіба гэта работа!

Ён вельмі рваўся цяпер дадому.

II

На ціхім небе стылі зоры. Вільгаць ішла з лясоў і туманамі асядала на голую зямлю. Перад сьвітаньнем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелі на чорнай зямлі лапіны апошняга сьнегу.

Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымі паплавамі, узьнімалася няроўная сьцяна лесу. Дарога ў лес ішла праз рэчку, цераз мост, з поля і паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна і ціха. Таму пад нагамі ў чалавека звонка і мокра трашчала леташняе лісьцё. Чалавек ішоў паволі, нёс за плячыма клунак. Часамі ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзіліся ад дарогі і над палянкай ніжэй зьвісала зорнае неба. Чалавек як-бы прыглядаўся, ці прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвіліны са тры і зноў ішоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць і ўтомленаю, так як ходзіць чалавек па роднай зямлі. Дарога доўга йшла лесам, перакідалася праз кавалкі поля, праз нізкія ядлаўцовыя лагчыны.

Ужо сьвітаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густое, няроўнае агароджы. Застукаў брамкаю і пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шыняля.

— Галас, Галас, — загукаў чалавек.