Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чыцца з усімі трыма. Часамі да трох далучае яна чацьвертага — Андрэевага. Андрэй тады жартуе:

— От мацярок у маіх сыноў!

Ён жартам заве іх усіх сваімі сынамі. Жывуць яны ня разам, але блізка цераз сенцы. У сенцах яшчэ падлога пахне сьвежаю смалою і яны яшчэ не застолены. Робіцца ўсё не адразу. Цяжка ў адзін год зрабіць усё як ёсьць. А яшчэ цяжэй было зламаць дурную ўпартасьць некаторых суседзяй:

— Як-жа я пакіну, калі гэта маё?

— А там-жа будзе ўсё тваё гэтак як і ўсіх.

— Калі ўсіх, значыцца не маё.

— Бушмар ты, — сьмяяўся неспакойным сьмехам тады Андрэй. Гэтае «маё» даводзіць вось да чаго чалавека.

Само слова «Бушмар» было ўжо словам нязвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра зьвярыную нялюдзкасьць, пра зьдзек над усім, што ня ён сам і не яго. Пра тое, што ня можа навокал яго, пакуль ён пануе, абыйсьціся так, каб ня было пакрыўджаных, каб ня было сьлёз людзкіх. Тыя-ж самыя бабулі божкалі і ўздыхалі, што гэта бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа за якія грахі яго, ці нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе і малодшыя жанкі, сьмяяліся з гэткае «божае кары», але ўсё-ж некаторыя гаварылі, што «натура гэта такая ў чалавека» і толькі. Тымчасам былі й яшчэ адны, якія іначай тлумачылі Бушмара. Да іх належаў і Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта ня ён. Трымаўся тут вельмі блізка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот —