Андрэй стаў блізка трымацца яго — той набываць пачаў сілу ў сваёй дзейнасьці) адзін хлапец. Ён на хутарох за лесам змалку пасьвіў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалі заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькі яго ў вайну ўцяклі недзе з-за Вільні сюды і тут зьмерлі ад пакутных нявыгодаў жыцьця, а малы неяк выкідаўся. Так на людзях і ўзрос. Звалі яго Ўладзем; ён калі яшчэ малым пастушком быў, зьблізіўся неяк дзіўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй ішоў паўз лес і ўбачыў быў, як на дарозе стаіць і не варушыцца як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы бліжэй, ён пазнаў «бежанскага Ўладзю». Ён глядзеў у адно месца, кудысьці ў поле і маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або безсані, ці ад сьлёз. Было тады холадна, восень, і ён, відаць, мёрз.
— Чаго ты гэтакі? — запытаў Андрэй.
— Кароў гляджу, — адказаў той.
— Дзе-ж твае каровы?
— Недзе пацягліся.
І хлапчук пачаў плакаць.
— Чаго ты?
— Бушмар чуць не забіў мяне.
— За вошта?
— Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Раніцаю сёньня сукаватым паленам па шыі біў, схаваў мае лапці, нарочна, каб я мёрз — гэта табе, кажа, навука.