Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XI

Бушмар усё больш пачынаў нядобра пачуваць сябе пад зіркам Галеніных вачэй. Зірк гэты пакрысе ператварацца стаў па-жаноцку хітрага, гульлівага, у цьвёрды і нават жорсткі. Яна як-бы загадвала яму гэтым зіркам. Ён ні то што баяцца пачынаў яе, а чуў у Галене штосьці яе ўласнае, што ніколі ня страціцца ў яе, ніколі не падначаліцца пад чужое.

Яна часта падносіла яму сына:

— На, паглядзі. Бачыш, у яго бровы такія, як у цябе робяцца.

— Але, — гаварыў ён, дакранаючыся пальцамі да незарослага цемя дзіцяці.

Ён сам пачынаў чуць, як цяжка разбурыць той холад, які зьявіўся між імі з таго самага першага вечара, калі вярнуўся ён з астрога, і з таго другога вечара, калі ён, абязьвечыўшы Вінцэнтага, уцякаў да брата. Пасьля гэтага вырасла вельмі; калі ён вярнуўся праз тыдзень ад брата, яна сказала яму:

— Ну, заб’еш ты мяне ці не?

Ён маўчаў.

— Скажы.

— Нашто табе гэта?

— Хачу ведаць. Калі гэта ты праўду тады казаў, дык я ня буду чакаць, а забяру дзіця і пайду.

— Ты мусіць хочаш давесьці мяне да гэтага, калі ўспамінаеш наўмысьля, што я калі сказаў.

Ён ведаў, што яна гэта зьдзекуецца з яго, помсьціць за яго неабдуманае слова. Бачыў, што яна