І між імі стала маўклівая згода. Абодва думалі, як адпомсьціцца і каб людзі ня ведалі, з чаго ўсё пачалося. Стары патроху дужэў. Сонечнымі днямі, пад вясну, вывалакацца пачаў ён на двор. Ён бачыў і чуў навокал рух зьіначваньня сьвету. Але ён спачатку ня думаў ні пра што — дзякаваў бога, што сяк-так выскрабся ад хваробы. Пасьля-ж, калі пачуў у сабе больш сілы, ранейшая злосьць пачала варочацца да яго. Ён хадзіў, як атручаны.
Ён усё прапыткоўваў па людзях, дзе што чуваць на сьвеце, ці не гавораць дзе пра што добрае, ці ня йдуць адкуль навіны. Ён цікавіцца пачаў кожным новым чалавекам, але з сваімі, тутэйшымі людзьмі, ня лішне трымаўся блізка. Дрэнна чуў ён сябе тут. Брыдкая была тая зіма!
Ён прыслухоўваўся і прыглядаўся, што робіць і дзе паварочваецца Бушмар. І чуў тут прыемныя навіны. Бушмар, казалі, бунтуецца. Хтосьці недзе чуў, як ён гразіў нейкаму, нібыта гаварыў, што жывым у рукі ня дасца, што страсяне ўсю акругу і вялікі сьлед па сябе пакіне…
Дакладна гэтага ніхто не сцьвярджаў, але гаворкі былі. І гэта хоць трохі ды цешыла Вінцэнтага. Ён гэтым толькі й жыў цяпер.
Брыдкая была зіма.
Нудна было на сьвеце.
Пра Бушмараў хутар Вінцэнты больш ня думаў. Сама думка гэтая аж сьцепала яго.
Так жыў ён і пакрысе ачуньваў. Усё йшло паволі, цягнулася гэтак марудна!