Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нідзе ў крыўду ня дасца, што яна нават за слова дараваць ня хоча. І гэта рабіла яе дзеля яго больш, як калі, прынаднай, але-ж больш, як калі, і далёкай. Прыкрасьць да ўсяго вырастала ў яго. І горш за ўсё было тое, што ён цяпер пачынаў думаць, прынамсі, несьвядомае зьяўлялася імкненьне дзесьці ў істоце дазнацца, дзе пачатак гэтай варожасьці між ім і Галенаю. Варожасьці, якая за кароткі час апрыкрыла ім абодвым, але-ж і пазбыцца якой было нельга. Але пачаткі думак гэтых прападалі, ледзьве зьявіўшыся.

Былі ў іх і лепшыя хвіліны. Часамі, пасьля даўжэзнай маўчанкі, яны пачыналі гаварыць пра што-небудзь ня вельмі важнае і цікавае для іх цяпер абаіх. Раз, напрыклад, яна сказала:

— Мусіць, шчэпы ў садзе павымярзалі, ніхто не абгледзеў іх на зіму.

— Не да гэтага было, — буркнуў ён, але чамусьці ўзьняў на яе вочы.

Мусіць, штосьці было ў голасе яе цяпер, што нагадала ранейшы час іх, калі яшчэ ён толькі паглядаў з вакна, ці ня доўга бавяцца каля хаты хлопцы, а яна хвалявала яго бляскам вачэй.

І яны цяпер пачалі гаварыць пра ўсялякую драбязу, маючы асалоду не з гаворкі гэтае, а з нейкае згоды між імі. Але гэта сапраўды была толькі згода. Больш за ёю нічога ня было. Так гэта й праходзіла, як зьяўлялася. Бяз сьледу і карысьці.

Затое часамі Бушмару было абыякава ўсё — і халоднасьць жонкі, і нелады навокал яго. Хоць з гэ-