пальле. Дзеўкі вянкі ўюць, пушчаюць на ваду, палюць вогнішчы, скачуць праз іх, каб урадзіла вялікая збожэ.
Інтэлігентные сьвядомые беларусы — ў Вільні спраўляюць Купальле так, што ўсенек горад — чыя толькі змога — высыпаецца на берагі Вільлі, каб палядзець на беларускае Купальле.
Сьвядомым беларусам-інтэлігентам хочэцца с Купальля зрабіць націанальнае беларускае сьвята.
Але народ беларускі, народ усенек — пачынаючы ад хмурнага Палесься, па узбярэжам рэк Нёману, Дзьвіны, Вільлі, па глухіх берагох Белавежскай пушчы ешчэ глыбока верыць у цуды Купальскай ночы і сьніць аб папараць кветцы, аб кветцы пяруновай, што красуе крывава-вогністым колярам. Але кругом гэтай кветкі разлягліся зямные сілы, страшные зьмеі сыкаюць, зьверы дзікіе галоднымі зубамі ляскаюць…
Папараць кветка зацьвітае на мамэнт, толькі на адзін кароценькі мамэнт, — земля ад страху дрыжыць, пяруны бьюць, злые сілы сьвішчуць, рагочуць, рапухі глядзяць зялёнымі вылуплянымі вачыма, вужакі аплетаюцца каля ног… хлебароб-беларус выцягівае спрацаваную руку… яго спрагнёнае сэрцэ захлыстываецца надзеяй, што ось-ось вырве папараць кветку, тады перад ім адчынюцца дарогі ў незнаные краі, ў нязьведаные гасударствы, адразу зразумее мову найменшай кветачкі, расьлінкі, кожнага дрэўца, і стане чалавекам усёведаючым і шчасьлівым.
Да папараць кветкі выцягіваюць рукі ня толькі дарослые-сталые; малые дзеткі таксама сушуць свае сьветларусые галоўкі, як здабыць гэту цудоўную кветку у страшную Купальскую ночку.
— „Пойдзем“ — не раз у маленкосьці бяруцца брат с сятрычкай за ручкі — „будзем маліцца“, шэпчуць дробнымі губкамі… Іх нявінные сэрцы і самі праз сябе прачуваюць, што душа чыстая павінна быць дапушчана да цуду.
Верце, дзеткі беларускіе, верце: цэлы сьвет вам падтакне, што вы заслужываеце на папараць кветку, на папараць кветку сымвал — знаньня, навукі!!
Мацей Крапіука.
СТАРЫ ШЛЯХ.
Зямелька наша беларуская лягла у самай сярэдзіне усходняй славяншчыны, як сэрцэ ў чэлавечым целі і як ад сэрца, ва ўсе канцы цела, расходзюцца жылы па каторых праплывае кроў, так з нашай зямелькі ва ўсе бакі расплываюцца вялікіе ракі-дарожкі. Глянь на ўсход і ты пабачыш вялікую, многаводную раку Волгу; глянь на поўдзень і пачуеш, як шуміць пераліваецца бурліва-гутарлівы Днепр; на захад плыве задумлённая Дзьвіна, а на поўнач ручэйкамі—вазёркамі дабярэшся да маўчознаго Волхава, да Ладагі, а стуль у „Варажскае“ морэ.