шага шукаць наград, чыноў і высокіх пэнсій. Духавенства таксама стала на старане сільнейшых. Адзін народ толькі, учапіўшыся сваімі ніўкамі да цьвёрдых скал, астаўся верным прадзедавай мові і прадзедавым звычаям. Ен, зліўшыся ў вялікую аднастайную народную масу, зажыў асобным сваім жыцьцём.
Фін, гледзючы у дны сваіх чыстых вазёраў, на сьветлае блакітнае неба, на яві сьніў аб долі лепшай; у казкі, песьні уплетаў сваю мінуўшчыну слаўных дзядоў, сваіх рыцароў, песьціў нясьмертэльнымі успамінамі у сваіх сэрцах.
Гадоў сорак таму назад уся інтэлігенція сьмеялася, як над нечым дзяцінным, незграбным і вельмі неразумным, над старадаўнай фінскай мовай. Але сыны фінскага народу, дабіўшыся да сьвятынь высшай школы, атрымаўшы высшую навуку, сказалі: не! Мы не дзеля таго дабіваліся аб сухім хлебе і вадзе, каб потым вам, паны, яе прадаваць за срыбнікі Юды! Мы — сыны мужыцкага народу, мы — ўнукі дзедаў — рыцароў хлебаробаў, каторые аткладалі саху на бок, пакідалі дзетак галодных, хапалі за меч і баранілі перад швэдамі назалежнасьць свае роднае старонкі; аб іх сьведчуць нашы цьвёрдые скалы, аб іх пяюць нашые народные песьні. Мы праўнукі іх, мы з народу і застанёмся народам!
І пашлі да сваіх айцоў, матак, сёстраў, братоў з жывым сьвядомым словам: мы фіны — сумаляйны (значыцца: жыцелі балотаў, возераў), мы любім свае балоты і возеры, скалы і горы, мы да іх падобны, наша мова да іх падобна. Мы — як усё цэлае — прэдстаўляем характэрны цікавы куток і народ між іншымі краямі і народамі.
І фіны ўзяліся сьвядома да працы. Не адзін с торбай на плечах пашоў па краю зьбіраць песьні народные, казкі, легенды. Як толькі гэты матэр‘ял быў сабраны і аддрукаваны, шляхта ажно зьдзівілася вялікаму багацьцю душы народнай.
Бяздоннай крыніцай паэзія біла с песень, с казак, з легенд; жалезная сіла і любоў да роднага краю з народных твораў вызірала. Тады зразумелі, што гэта не забава, што з гэтай сілай трэба лічыцца. Вось дзе пан і гаспадар краю: хлебароб, што сэрцам прыпаў да каменнай глебы і працай любоўнай просіць ад яе хлеба.
Фінляндзкі народ цяпер займае шчытнае мейсцэ паміж культурнымі народамі. Фінляндзкі унівэрсытэт што год с сваіх сьцен выпушчае маладую армію сыноў хлебаробаў, каторые ідуць у народ і працуюць з забыцьцям шчасьця свайго я. Народу шчасьце — іх шчасьце. Фінляндзкі народ першы ў Эўропі прызнаў роўные правы кабетам. Кабета — матка — сьвядомая фінляндка патрыётка — ешчэ ў калысцы пачне навучаць свае дзеткі любіць родны край, родны народ, любіць і паважаць справядлівасьць роднага народу. І ніякая сіла перерабіць цяпер фінскі народ на іншы капыл — ўжо не здалее, бо сьвдяомасьць народу, культурнасьць яго — стаяць выжэй усякай сілы.
Ц—ка.