У галадранецкую воласьць
(Вы ня дзівіцеся з расказу)
Зьявіўся земскі ў канцыляру;
I закамандаваў адразу,
Каб сход паклікаць на умову.
Во, старшыня і пісар жыва
Спаролі гэткую гарачку,
Што ўсе пасыпалі на дзіва.
— Што гэта? — думае Мікіта,
— Няўжо падаткі? — Ясь гадае,
— Дарогу мусіць правіць трэба,
У душы так Саўка разважае.
— А ўжо-ткі ліха ёсьць якое,
Крый Бог нас толькі ад выдатку,
Мармочэ Зьмітры. І так кожны
Пускае мыслі на ўздагадку.
Ды па загаду ідуць… што-ж зробіш? —
На то і сход… Во, тым часамі,
Як бараны усе пасталі
І толькі лыпаюць вачамі.
Начальства села… Земскі ў цэнтры,
А побач пісар с старшынёю…
Вось пісар нейкі ўказ чытае
І ўсё ківае мазгаўнёю.
Урэшце змоўк. Устаў той земскі,
Звярнуўшысь к сходу гэтак кажэ:
Што во і ў вас адкрыюць школу
І абавязак на вас ляжэ
Што небудзь даць усім у сполку —
Рубель, чы два, хто меней-болей;
За то навука дзецям будзе,
Мы іх надзелім лепшай доляй.
Дык як? „сагласны“ вы на гэта?
— Мы ўсе „сагласны“, сход галосе:
Чаму ж бы не? хто грамаць знае,
Той мазалёў такіх не носе.
— Ага! ну добра — ўсе „сагласны“,
Дык між сабой пагаманіце —
Напрыклад, сколькі даць маглі бы
Адразу ў складку? „парашыце“.
Во мужыкі — Якім, Супронка,
Язэп, Панас, Ігнат і Янка
Васіль, Сымон, Хама і Паўла
Усе пасталі каля ганка.
Пагамоніўшы мінут колькі,
|