Максім нахмурыўся, як бы цень легла на яго лоб.
— Скуль ты ведаеш аб дубку?
— Каму і ня ведаць, як не Андрэю, — пажартаваў Стаська Гук.
Андрэй зьмешаўся, пабляднеў і сказаў:
— Так гавораць.
Андрэй зірнуў на Максіма. За апошніе часы Максім асунуўся, пахудзеў. Вочы яго глыбока запалі ў лоб. Відаць, много горкіх думак, трывогі і клопату перэмятушылося ў яго мазгах. І было с чаго: што злога ён зрабіў? за чыю віну паплаціўся? І куды цяпер дзецца? Андрэй як праступнік, апусьціў галаву. Момант, і ён увесь здрыгануўся, падняў галаву, акінуў усіх поглядам.
— Максім, братка! Гэта за мяне ты пакутуеш: гэта я сьсек дубка! Рабі са мной, што хочэш. Бій, катуй мяне. — Усе змоўклі і пазіралі на Андрэя.
— Нехай будзе пракляты той час, калі я першы раз зірнуў на гэто нешчасное дрэво. За што ж цярпіш ты?
Максім горка усьмяхнуўся.
— Ты сьсек дубок? От ніколі не спадзеваўся!…. Э! цяпер ужо ўсё роўна. Табе можэ ад гэтаго лягчэй, а мне — адзін чорт. Ды, калі на праўду вышло, то ты не такі ўжо вінаваты, як табе здаецца…. О, каб я цябе злавіў у лесі, то быў бы другі рахунак. А цяпер твая споведзь паможэ мне, як мёртваму кадзіла.
— Паможэ, паможэ! — закрычаў Андрэй: — я пайду ў лясьніцтво і разскажу ўсю праўду. Нехай мяне судзяць, нехай забяруць апошнюю карову, нехай пухнуць з голаду дзеці, — не кажы толькі, што Андрэй цябе згубіў!
Андрэй крута і с сілай павярнуўся.
VIII.
— Сьмейцеся добрые, людзі: здурнеў саўсім чэлавек! — пачэкаўшы с поўгадзіны, чуўся жаночы голас каля Андрэявай хаты.
Андрэй, апрануўшы кажух і ўзяўшы палку, вышоў з двара на агароды, каб ня ісьці вуліцай, а жонка стаяла каля парогу і адчытывала Андрэя.
Андрэй Маўчаў. Твар яго быў сур’ёзны, важны і спакойны.
— Вярніся, вярніся, Андрэй! — ня ўнімалася жонка. Андрэй ня слухаў і сьцігаў дальш, не азіраючыся.
— Божэ мой! што з ім сталося! пагібялі сабе і дзецям шукае чэлавек…. Каб ты ногі паламаў, каб ты дарогі не бачыў! Вярні-і-ся!
Жонка ешчэ доўга плакала і галасіла, а Андрэй тым часам мінуў ужо сяло і вышоў на дарогу. Вокал расцілалося поле, голае, пустое, абабраное. Збоку цягнуўся луг на абапал Нёману. Там і сям стаялі парыжэлые стагі. Далей, перад Андрэям, пачынаўся лес, праз каторы ішла дарога. А над усім гэтым вісело хмурое небо, як кепска загаранае поле. На узгорках падыхаў халодны