Перайсці да зместу

Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 1.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Во дзе яны ў мяне сталі, дубкі гэтые! сказаў Андрэй і паказаў рукой на горла. — Чэлавека вось выгналі з за іх, а ты….

— Дык ты вярнуў яго гэтым?

Андрэй не знайшоў што сказаць, і маўчаў.

VII.

Ешчэ больш заблутаўся Андрэй. Толькі цяпер ён праканаўся, што кідаць дубкі ў ваду была дурная выдумка. І праўда: ці вярнуў ён гэтым Максіма на мейсцэ? Ці дастаў сабе спакой? І ласне можна адкупіцца ад сумленьня тым, што ён пакідаў у ваду дубкі? — „Дурэнь я“, думаў Андрэй, трасучы карове трасянку.

Ухадзіўшыся, Андрэй вышоў на вуліцу. Во ўжо колькі дзён ён староніцца ад людзей і жыве толькі сам сабой, сваімі думкамі, каторые так моцна стамілі яго душу. У сяле, ў тым яго мейсцы, дзе вуліца выходзіць к Нёману, стаяла даўней старая карчма. Гэта карчма, бывало, была бітком набіта людзьмі. Сюды сходзіліся і ў радасьці і ў горы; тут была гарэлка, каторая, як кажуць знайкі па часьці выпіўкі, была і крапчэйшая, і танайшая, і шмат прыятнейшая цяперашней манаполькі. І во, па старой памяці, сюды ўсё ешчэ цягнуло селянаў гэта мейсца, дзе стаяла калісь карчма, ад каторай застаўся адзін толькі падмурак; і тут стаялі яны, усунуўшы ў зубы цыбукі і схаваўшы рукі ў рукавы кажухоў, пад аткрытым небам. І гэтым разам былі тут мужчыны, і сярод іх ішла сур’ёзная гутарка. Андрэй стаяў здалёк адзін і не адважываўся падыходзіць бліжэй. І раптоўна Андрэй задрыжэў: у гэтай кучцы селянаў быў Максім Заруба. Андрэй быў павярнуўся, каб ісьці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі. Патаптаўшыся момант на адным мейсцы, ён зноў павярнуў назад. Максім стаяў і штось гаварыў. Аб чым ён гаворыць? Андрэй ня мог больш працівіцца жаданьню ведаць, што гаворыць загублены ім чалавек, і ён пашоў. Яму паказалося, што людзі глядзелі на яго так, як бы ведалі ўсю справу з дубком. Андрэй правітаўся с селянамі агульным „Дзень-добры“, а Максіму працягнуў руку і нясьмела сказаў:

— Здароў, Максім.

— Здароў, брат Андрэй! Ну, Андрэй, сказаў Максім: прымай брат, у падсуседзі.

Сэрцэ у Андрэя так і апало: ня ўжо Максім ведае, што ён,Андрэй, сьсек дубок — чаму загаварыў аб падсуседстве? Не! каб ведаў, то наўрад бы падаў яму руку, ня толькі што зьвярнуўся б да яго с такой мовай.

— За вошта ж, брат, цябе выдалілі? — спытаў замест атказу, нібыто нічога ня ведаючы, Андрэй.

— Тырчэў на дарозі пень, пакуль за яго ня чэпляліся; а сталі чэпляцца — пню ня стрымацца.

— Дык не за дубок атказалі ад мейсца?! — з жарам спытаўся Андрэй, і вочы яго прасьвятлеліся.