Перайсці да зместу

Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 1.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разоў ногі яго ішлі павольней, ён азіраўся назад — ці ня лепш вярнуцца, ды зноў схаваць іх?

— Э! — сказаў сам сабе Андрэй: — збуду з галавы гэты клопат, раз пакончу з гэтым ліхам!

І борзда пашоў на бераг Нёману. Апусьціўшы павольна дубок, Андрэй узяў яго за адзін канец, а другі апусьціў у ваду. Нёман зараз жэ падхапіў яго на свае плечы, і Андрэй адразу пачуў, як яму стала лягчэй у руках. Тут ён з усей сілы стаўхануў камлюк на ваду. Дубок стралой панёсься на сярэдзіну, і толькі гладзенькая палоска вады абазначылася яго сьледам, і ён прапаў у халодных і чорных ад змроку хвалях Нёману.

— Якому ж лысаму чорту гатаваў я гэты дубок?! — крычало нешта у Андрэю. Для каго я выпакутаваў яго сваёй кроўю? Хто спажыве боль мазалёў маіх? — І Андрэй забегаў па беразі Нёману. Ен пабег на ніз, туды, дзе за нортамі прыгожа разлёгся шырокі гак, у той надзеі, што вада вынясе камлюк дубу на бераг. Бягучы, Андрэй папаў у вырытую свіньнямі яму і ўпаў, ляпнуўшыся жыватом на халодную і мокрую зямлю. Падняўшыся, ён зноў пабег. Во і гак. Але ноч была такая цёмная, што нічагусенька ня было відаць. На другім беразі глуха шарасьцеў вецяр у сухіх лозах і чаратох. Халодная, як жалезо, вада плюхала ў пустые берагі і усхліпывала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх…. Пастаяўшы колькі мінуцін, Андрэй пашоў да дому. Раз пачаў, — трэба канчаць. Усё роўна не на карысьць яму вырас гэты дубок. Андрэй ўзышоў на свой двор.

— Андрэй: гэта — ты? — аклікнуў яко голас.

— Я! — аказаўся Андрэй.

— Дзе цябе чэрці душаць? — спытала сярдзіта жонка, вячэра даўно стыне!

— Чорт яе ня возьме, тваю вячэру, — атказаў Андрэй, і палажыў на плечы два кавалкі дубу.

— Куды ты іх валачэш?

— Не табе ведаць.

Жонка змоўкла, а Андрэй зноў пашоў на бераг. Ен быў злосны і шоў борзда, а жонка назіркам ішла за ім. Яна зацікавілася, куды нясе Андрэй гэтые дубкі. Спыніўшыся на беразі, Андрэй паўкідаў абодвы кавалкі ў ваду. Жонку ўзяў нейкі страх. Ні слова не гаворачы, яна пабегла да дому. Ей здалося, што Андрэй зьвіхнуўся з розуму.

Праз поўгадзіны Андрэй вярнуўся. Моўчкі зьняў ён шапку, расперазаўся, павесіў сьвітку і сеў за стол.

Жонка ня ўтрывала і пачала распытываць Андрэя.

— Ат, ня дуры ты мне галавы! — адмахнуўся Андрэй.

— Ну, ці ж ёсьць у цябе розум? Навошта ж было іх сеч? Каму з гэтага карысьць?

— Чорту лысаму! — сказаў Андрэй.

— Толькі ж чорту…. Хіба іх агледзіў хто? — не адступалася жонка.