перад ўсё было разлічэна. Нават яго далікатная прамова да лясьніка была абдумана раней, каб злосна нацешыцца с таго, як будзе выгледаць Максім Заруба, стоячы перад пнём сьсеченаго дубу. Але працягнутая рука яго так і засталася: перад німі было гладкое мейсцэ і вокал стаялі дзеравы, ды дзе-ня-дзе тырчэлі абросшые мохам даўнейшые пні. Максім пазіраў на аб’ешчыка поглядам чэлавека, каторы нічога не цяміць і чэкае тлумачэньня. Аб’ешчык зірнуў на Максіма. Чуць значная усьмешка прабегла па губах лясьніка. Нават ёлкі, каторым на гэтым мейсцы было крыху прасторней, здавалося, усьмехаліся, пазіраючы на аб’ешчыка — такую дурную меў ён міну ў гэту мінуту.
— Што за чорт! — сказаў ён: — тое самае мейсцэ, а дзе ж пень?
— Мала тут пнёў? — спытаў Максім, стаўшы на прыкрыты мохам пень недаўна украдзенаго дубу і паказываючы рукой на старые пені. — Ды і сам пан стаіш, як пень, — ня вытрываў Максім, каб не пасьмеяцца з аб’ешчыка.
— Ты мне кпінак ня строй! — крыкнуў аб’ешчык і забегаў вокал лясьніка, як ганчак, вынюхіваючы сьляды. Улучыўшы мінуціну, лясьнік зірнуў адным вокам сабе пад ногі. У адным мейсцы мох адхіліўся, і с пад яго сьвяціўся сьвежы пень. Максім чуць-чуць пасунуў нагу, каб закрыць гэту лысінку. Аб’ешчык, як каршун, зірнуў на лясьніка.
— А на чым ты стаіш, ягомасьцю? Максім пачуў, што ён прапаў.
— Стаю, як і пан: нагамі на зямлі — Аб’ешчык раптоўна падскочыў да лясьніка, таўхнуў яго у грудзі і кашкануў нагой мох.
Пень раскрыўся.
— Зладзюга! лес крадзеш, сам канцы хаваеш! — як гад, сіпеў аб’ешчык.
У адзін момант ўсё пазелянело у вачах Максіма, і лес закружыўся, заскакаў. Нічога не разважаючы, размахнуўся ён, і яго цяжкая рука з голасным плескам апусьцілася на шчоку аб’ешчыка. Шапка зляцела з яго галавы, і сам ён захістаўся і паляцеў потырч носам на гэты пень. Максім накінуўся на свайго ворага і пачаў мяць яго.
— Удушу! — хрыпеў ён, як зьвер, сьціснуўшы аб’ешчыка за горла. Аб’ешчык зьвіваўся, як вуж, малаціў нагамі, кусаўся. Вочы яго вылазілі с сваіх гнездаў.
Памыкаўся ён крычаць, клікаць на помач, але голас яго ня мог выбіцца з грудзёў, а вокал ня было ні аднэй жывой душы. Адзін толькі лес, нямы сьведка люцкога глупства, стаяў вакол глухой сьцяной і маўчаў, не варушыўся. Відаць, ён бачыў ешчэ не такіе справы, стоячы тут векамі.
— Братка, зьмілуйся! за што? — енчыў аб’ешчык, страціўшы надзею выкруціцца з рук лясьніка.
Да Максіма вярнулася памяць і розум. З вялікаю ненавісьцю зірнуў яму у твар, борзда падняўся і сказаў: