вам гэтых думак Андрэй быў неспакойны: спаў кепска і часта абуджаўся, прыслухіваўся, што робіцца на дварэ.
Кожны грук, шум, аброненае кім на вуліцы слово прымушалі трывожыцца і думаць чорт ведае што. І якая гэта схованка — гумно? Усякі дурэнь першым дзелам паткне туды свой нос. Тут Андрэю прышлі на памяць тые здарэньні, калі ў гаспадароў знаходзілі дубкі, бярэзінкі і ўсякіе падобные рэчы як раз у гумнах…. Трэба перэхаваць і чым скарэй, тым лепей, — покі не ўзялі ешчэ тропу.
— Што гэта, Андрэй, на цябе сягоньня сну німа? — пытала жонка.
— Так ня сьпіцца.
І, памаўчаўшы, Андрэй сказаў:
— Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзіліся гэтаго дубка.
— Можна ж схаваць так, каб не знайшлі.
— От і я гэта думаю: ў гумне якая схованка? А дзе схаваць?
Схаваеш заўтра — будзе часу. А цяпер сьпі.
Жонка адвярнулася да сьцяны, і праз мінуты дзьве заіграла носам. А Андрэй ешчэ доўга лежаў з адкрытымі вачамі і разважаў. Страшные думкі лезьлі ў яго галаву. А што, калі хто удасьць яго? Прыдзе вураднік, стражнікі з аб’ешчыкам і лясьнікамі, зробяць вобыск і напэўна знойдуць яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобные здарэньні. Моташна рабілося ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шлапакі, накінуў на плечы кажух і вышоў на двор. Божэ, якая цёмная ноч! Здавалося, небо блізка-блізка нахілілося к зямлі і ціснуло яе сваім густым і цяжкім змрокам. І ўсё вокал было так глуха, так нема, ўсё роўна як закамянело, або вымярло. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скалануло: здаецца цяпер каб і золатам абсыпалі яго, ён не пашоў бы туды; як толькі хапіло ў яго адвагі ісьці туды, ў такую цемрадзь! У сяле было так сама ціха і глуха, нават сабакі і тые ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважываліся зрабіць між сабой пярэклічку. Толькі ў Яхіма хлявушку заблеяло жаласна ягнятко, згубіўшы сваю матку, і зараз жэ пачуўся кароткі атветны воклік старой авечкі: „Ідзі да мяне!“ ды часамі ў сьвінушні у ціха стагнала праз сон свіньня такім змарнелым, стамлёным галаском, ўсё роўна як бы ёй заставалося тры цьверці да сьмерці.
Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэта маўчалівая і страшная ноч не дала яму ніякога атказу, і ён пашоў у хату.
„Сагоньня ешчэ можна быць сьмелым, думаў Андрэй, кладучыся на палок і укручываючыся у дзяругу. Покі тое ды сёе, то ешчэ ёсьць часу схаваць, а цяпер можна спаць сьмела. Але Андрэй лежаў ешчэ с поўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубкі. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысьніўся яму сон. Здаецца, прышоў лясьнік, Максім Заруба, ў чыім абходзі ён высек дубок. Прышоў ня злосны, як можна б чэкаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як бы вымазаны мукой.