Гэтак сама бывае і з цэлымі народамі. Як які народ паставіць мэтай развіць у сабе добрые звычаі дзеля таго ён будзе старацца, каб у школах роднаго краю вучылі аб гэтых добрых звычаях, каб у кніжках аб іх пісалі, каб у хатнім жыцьцю сьцераглі гэтых звычаяў. Такім спосабам дабьецца гэты народ, што у супраўду сваімі добрымі звычаямі будзе вырожнівацца паміж іншымі народамі.
Прымерам такога народу могуць для нас быць англічаны. Англічаны з даўных давен стараліся развіць у сабе адвагу, сьмеласць, пашану для працы і для абавязку, помач сільнейшаго для слабшых і шмат-шмат ішчэ іншых добрых старон ў чалавечай натуры.
Багацьця сваей душы выказалі сыны англіцкаго народу летась, як тануў карабль Тытаніка.
Вечная ім слава ідзе і памяць ад усіх народаў!!
У 1912 гаду быў выбудаваны карабель Тытаніка, каторы па сваей вялічыне, быстраце і выгодзе меўся быць найважнейшым караблём паміж караблямі усяго сьвету. Даўжыня Тытаніка была больш чым чацьверта часьць вярсты; быстрата плыцьця — сорак верстаў у гадзіну.
Народу зьмясьціць мог у сабе столькі, колькі мае у нас сярэдняй вялічыні беларускае мястэчка. А ў сярэдзіні то ужо такая роскаш — багацьце было заведзена, што трудна апісаць. Было неколькі у Тытаніка паверхоў (этажоў), у кожным паверсі шмат пакояў, саляў. Былі у гэтым караблі устроены і лазні, і ванны, і асобные пакоі для куреньня паперосаў; салі для гімнастыкі, для балёў, канцэртаў. Была на Тытаніку і вялікая аркестра музыкаў. А як хто багаты ехаў, то мог хоць тры пакоі сабе наняць, ведама за вялікіе грошы.
Дзеля таго сабралося між пасажырамі шмат вельмі багатых і слаўных людзей. З нашаго краю было неколькі чалавек — але звычайных бедакоў, шаракоў, едучых за морам шукаць хлеба.
З літоўцаў ехаў малады ксёндз Монтвіч, кажуць, надта добры быў чалавек.
Тытаніка толькі першы раз выбіраўся ў дарогу і адплываў з Англіі у Амэрыку, як які вялізны пышны палац, асьвечаны электрычествам; музыка вясёла іграла. Пасажыры сьмела ад’ежджалі і сядзелі на Тытаніку спакойна, як у Бога за плячыма.
У ночы з другога красавіка на трэці быў вялікі канцэрт-баль на караблю Тытаніку. Паням і паненкам, прыбраным у лёгкіе сукні, нават у галаву не магла прысьці думка, што за гадзіну якую ім прыдзецца выскакаць у халодную ваду бязконца глыбокаго мора. Ноч цёмная, немая глядзела і вецер глуха выў, гудзелі фалі. Карабель на палавіну дарозі ад Англіі да Амерыкі, горда сьпяшыў наперад: ледзяная гара-сьмерць паволі збліжалася вадою да Тытанікі.