Старонка:Лукішкі (1929).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Заказытаў мне нос. Курыўся дым вясновы.
Вастрог душыўся кратаў талакном.

З далі даносіцца мне трахтаньне дарогі.
Аб сьветлай раніцы задумалася даль.
У хмаркі бела-сіні шаль
Сьцягнулі месяца бялеючыя рогі.

У вастрозе раніца кадзіла дым вясны.
— Кра!—Кра! — На даху чорная варона, —
І гэты крык, падобны сьмерці стогна,
Трывожыў мой спакой, каханьне, сны.

Агністы пук, куль сонечнай саломы
Праз краты пырснуў, дрыгнуў на пасьцель,
І туману расплывісты кісель
Растаяў, зьнік, як гукі звону.

Агністы пук лізаў цэмэнту ногі,
На даху вераб‘і спраўлялі гучны хор,
Сьмяялась даль, сьмяяўся кругазор,
Здалёк няслося трахтаньне дарогі.

Трр! Сьвісток. Вастрожнікі ўсталі,
Сьмяюцца з лёх і кашляюць з вакон;
І фабрыкаў працяжны, востры стогн
Хавае раніцы ліпнёвай чары.