Старонка:Лесавік. Наша крыўда.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Абвясьціўшы, што на Беларусі павінны быць толькі нашыя родныя беларускія школы, яны зараз-жа сталі закрываць усе беларускія, як пачатковыя, так і вышэйшыя школы, а вучыцялёў паразганялі і пасаджалі ў вастрогі, замест беларускіх школ пааткрывалі польскія, вучыцелям і вучыцелькамі паставілі асоб ня маючых ні адпаведнай адукацыі, ні сораму ні сумленьня. Гэта проста былыя свінапасы у Польшчы, а ў нас цяперака паважаныя паны вучыцелі, якія пазваляюць сабе біць ня толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

Больш за ўсё асьцерагайцеся гэтых польскіх шпіонаў - палянізатараў. Знайце і ніколі не забывайце, што гэта найвялікшыя нашыя ворагі. Вы і не агледзіцеся, як яны сваімі патрыатычнымі польскімі песьнямі высьмейваньнем нашай роднай мовы і Бацькаўшчыны зусім скалечаць вашых дзяцей.

Ні за што не дапускайце і не прыймайце ў школы гэтых круцялёў, а сьмела састаўляйце прыгавары ад вёсак і пасылайце іх школьным інспэктаром, каб у вас былі адчынены толькі беларускія школы і каб навука ў іх выкладалася толькі па беларуску. Ня бойцеся за гэтыя прыгавары і за тое, што вы атказываецеся пасылаць дзяцей У польскія школы — вас у вастрог не пасадзяць.

Каб у канцы задушыць беларускі рух, гэтыя душагубцы пазакрывалі усе нашыя, як дзержаўныя так і нацыанальныя установы, у тым ліку нават коопэратывы і некаторыя цэркввы.