Перайсці да зместу

Старонка:Ленін (Чарот, 1926).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што ў жыцьці было ім горкім —
усё Леніну выкласьці хочуць.
Ён паможа ў няшчасьці — вераць,
ён зьвядзе з непарадкамі квіты…
Раптам —
рыпнулі дзьверы
увайшоў вельмі хмурым Мікіта.
— Атрымаў ліст ад сына учора…
сам нічога… і дзеткі здаровы…
Піша ён… аб Леніне… хворы…
Пахіснулі сяляне галовы…
А пяро —
заскрыпела і змоўкла
на паўслове мужыцкай «ноты»…
Толькі месяц зірнуў пажоўклы
праз вакно
на сьлёзы бядноты…

Што-ж рабіць?
Пачакаем троху…
Даць спачынак здароўю парука —
а Мікіта паедзе праз год…
На сёмуху…
Завязе ліст у самыя рукі…

А ноч —
нібы плакала лесам…
Над вёскаю —
гром забражджаў
месяц хмарамі сінь занавесіў…
Закапалі сьлёзы дажджа…