Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

і браўся за работу дый забываўся аб птушцы. А ў чародную ноч, выезджаючы на рыбу і пачуўшы салаўя, ён ізноў казаў: „Ах, Божа, як гэта хораша!“.

Са ўсіх краёў сьвету прыезджалі чужаземцы ў царскі горад падзіўляцца з палацу і саду. Але, калі здаралася ім пачуць песьню салаўя, ўсе яны казалі: „гэта лепш за усё!“.

І вярнуўшыся ў свае краіны, яны апаведалі аб усім, што бачылі ў Кітаі; вучоныя пісалі цэлыя кнігі аб горадзе, аб палацы і садзе. Але і салаўя не забываліся яны: аб ім гаварылі ўсе, як аб самай вялікай рэдкасьці; а тыя, што ўмелі складаць вершы, пісалі іх пра салаўя вельмі прыгожа, як ён жыве і пяе ў лесе; каля глыбокага мора.

Кнігі разыходзіліся па сьвеце і іншыя з іх траплялі ў рукі кітайскага цара. Ён сядзеў на сваім залатым пасадзе і чытаў, чытаў; кождую хвіліну ён ківаў галавою, таму што яму былі вельмі прыемны апісаньні гораду, палацу і саду. „Але салавей—лепш за ўсё гэта“, пісалася ў кнігах.

— „Што-ж гэта значыць?“—прамовіў цар.—Чаму-ж я зусім не знаю гэтага салаўя?. Няўжо-ж гэткая птушка жыве ў маім царстве і нават ў маім лесе. Як-жа я да гэтай пары ня чуў аб ей і даведаўся толькі з чужых кніг.“

І цар паклікаў да сябе свайго дамавера. Гэты чалавек быў такі чванлівы, што, калі хто небудзь, хто ніжэй яго становішчам быў, адважваўся загаварыць з ім, і спытаць аб чым небудзь, ён адказваў толькі „гм“, а гэта саўсім нічога не значыла.