Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— „Кажуць.—прамовіў цар,—што ў нас ёсьць прадзіўная птушка, якая завецца салаўём. У кнігах пішуць, што яна лепш за ўсё, што толькі ёсьць у маім вялікім царстве. Чаму-ж я да гэтай пары нічога ня чуў аб ей?“.

— „Я, таксама, першы раз чую аб ей,—адказаў царскі дамавер:—яна ніколі не была прадстаўлена царскаму двару“.

— „Я хачу, каб яна сягоньня вечарам была тутака і пеяла перад маім абліччам“:—сказаў цар.—„Гэта дзіўна! Увесь сьвет ведае аб такой рэдкасьці, знаходзячайся ў мяне, а я сам саўсім нічога ня ведаю“.

— „У першы раз чую“,—мовіў ізноў царскі дамавер.—„Зараз пашукаю і знайду яе“.

Але дзе знайсьці? Дамавер аблётаў усе лесьвіцы; ўсе пакоі і галерэі, але ніхто з жыўшых у палацы ня чуў аб салаўі. І дамавер вярнуўся да цара і сказаў, што аповесьць аб птушцы праўдападобна выдумка напісаўшых кнігі.

— „Ваша царская сьветласьць, дарэмна верыце ўсяму, што пішацца ў кнігах. Гэта ўсё выдумкі,—гэта ёсьць тое, што завецца чорнакніжнасьцю!“.

— „Але-ж кніга, ў якой я прачытаў аб гэтым,—сказаў цар, — прыслана мне ўсемагутным царом японскім: значыцца, напісанае ў ёй ня можа быць непраўдай. Я хачу чуць салаўя! Ён павінен тут быць сягоньня вечарам. А калі ня будзе, я загадаю пасьля вячэры калясаваць усіх маіх дваранаў!“.

— „Слухаю пакорна“!—сказаў дамавер і зноў пайшоў бегаць па ўсіх лесьвіцах, па ўсіх пакоях і галерэях; дваране таксама бегалі за ім і разпытвалі