Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усе талеркі загрукацелі ад радасьці, а качарга знайшла недзе зялёную пятрушку і прычапіла яе да галавы гаршчка. Яна ведала, што гэткім чынам раззлуе ўсіх, бо ўсе зайздраваць імуць. Апрача таго качарга мяркавала так: „Калі я плажу яму вянок сягоньня, дык ён зробіць тое самае мне заўтра.“

— „Цяперака мы паскачам,“ — сказалі вугальныя шчыпцы, і пусьціліся скакаць. Божа літасьцівы! Як яны падымалі ў верх ногі! Бацюхны! Старая дошчачка ад крэсла, якая лежала ў куце, трэснула, калі ўбачыла гэта.

— „Ці ўскладуць на нас вянок!“ цікавіліся клешчы. І таксама атрымалі пажаданую нагароду,

— „Які ўсё гэта просты народ!“ — думалі серчыкі,

Пасьля наступіла чарга самавару пеяць. Але той абвесьціў, што перамерз і ня можа пеяць, калі ў ім не вараць. Але гэта была толькі адгаворка. Ён лічыў сабе зьневагай пеяць інакш, як ў паноў на стале.

На вакне лежала старое гусіное пяро, якім пісала толькі кухарка. Ў ім ня было нічога выдатнага, апрача таго, што яно было заліта чарніламі. Але гэтым як раз, пяро і чванілася: „Калі самавар ня хоча пеяць, — сказала яно, — дык і ня трэба! Тут за вакном вісіць у клетцы салавей, які ўмее пеяць. Ён, праўда, ніколі пеяць не вучыўся, але сягоньня вечарам мы зробімо яму экзамін.“

— „Я лічу вельмі непрыстойным, — сказаў імбрычак (ён быў прыяцель і кроўны самавару), — змушаць усіх нас слухаць чужаземную птушку. Хіба гэта патрыатычна?!“

— „Я гэтага перанесьці не магу, — ўмешалася