Перайсці да зместу

Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— „Не рабі гэтага“,—сказаў салавей. „Бо яна верна служыла табе пакуль магла. Пакінь яе пры сабе. Я не магу зьвіваць свае гнёзды ў палацах і жыць у іх; але дазволь мне прылятаць сюды, калі мне захочацца. Прылятаючы, я сядацьіму на галінцы, вось, перад гэтым вакном, і пеяць табе, каб ты ўцеху меў і думаў аб добрым. Я пеяцьіму аб шчасьлівых і нешчасьлівых, буду пеяць аб добрым і благім, аб усім, што людзі, акружаючые цябе, крыюць. Маленькі салавей паляціць далёка: да беднага рыбака, пад вакно селяніна, да таго, хто не бывае каля цябе і, тваіх прыдворных. Я люблю твае сэрца больш, чым тваю карону… І дзеля гэтага буду прылятаць да цябе і пеяць… Але ты павінен адно толькі абецаць мне“…

— „Усё, што толькі пажадаеш“.—сказаў цар, ужо устаўшы с пасьцелі, напрануўшы сваю царскую адзежу і прыціснуўшы да грудзей залатую шаблю.

— „Адно толькі прашу цябе,—сказаў салавей:—не разказвай нікому, што ў цябе ёсьць птушка, якая усё апаведае табе. Тагды справа лепш пойдзе“.

Сказаўшы гэта салавей паляцеў.

Тут у пакой увайшлі прыдворныя, каб глянуць на свайго памершага цара… А ён стаяў перад імі і казаў: „Як маецеся“!.