Перайсці да зместу

Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І сьмерць за кождую новую песьню аддавала адно з гэтых найдаражэйшых рэчэй, а салавей, пасьля гэтага, сьпеваў далей. Ён пеяў аб ціхіх могілках, дзе растуць белыя ружы, дзе дзіўна пахне бэз, дзе ў жывых людзей спадаюць сьлёзы на сьвежую траву, што расьце на могілках. Пачуўшы гэтую песьню, сьмерць захацела хутчэй выйсьці ў сад і счэзла, як халодная, белая імгла.

— „Дзякую, дзякую табе, богападобная птушка“,—сказаў цар. — Я пазнаў цябе! Ты той самы салавей, которага я прагнаў з майго царства. А між тым, ты сваёю песьняю адагнаў злых духоў ад маей пасьцелі і сьмерць ад майго сэрца. Чым я магу адудзячыць табе?

— „Ты ўжо адплаціў мне!“—адказаў салавей,—„Я змусіў цябе заплакаць, калі першы раз пеяў перад табою. Гэтага я ніколі не забудуся: такія сьлёзы—скарб для сэрца пеўца. Ну, а цяперака засьні і, пасьля, устань сьвежым і здоровым. Я ўкалышу цябе!

І ён запеяў, а цар соладка заснуў. Ах, які гэта быў ціхі і чарадзейны сон.

Сонца разсьцілала праз вокны свае ясныя праменьні ў пакой цара, а пасьля ён устаў сьвежым і здаровым. Ніхто з яго прыдворных яшчэ не заходзіў у пакой цара, бо ўсе думалі што ён памёр; а салавей усё яшчэ сядзеў на галінцы прад вакном і пеяў.

— „Будзь са мною заўсёды“, — сказаў цар. „Ты будзеш пеяць толькі тагды, калі сам таго захочаш, а штучную птушку я пакрышу на тысячу кавалкаў“.