Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

БРЫДКАЕ КАЧАНЁ.

Цудоўна прыгожа было за вёскаю. Лета было ў самым росквіце, ярына зігцела жаўцізною, авес зелянеў, сена на квяцістых сенажацях было складзена ў стагі, і бусел спацыраваў па балоце на сваіх доўгіх, чырвоных нагах і клякатаў па-егіпецку, бо гэту мову ён пераняў ад сваей маці. Наўкруг палёў і сенажацяў цягнуліся вялікія лясы, а пасярод лясоў былі глыбокія вазёры. Так запраўды, прыгожа было за вёскаю. На самым прысонішчы стаяла старая хата абкапаная наўкруг глыбокімі канавамі і сажалкамі; ад сьцен хаты да самых сажалак расьлі лапухі, такія высокія, што пад вялікшымі з іх дзеці маглі хаваючыся станавіцца на ўвесь рост; мейсца гэтае было дзікае. як самы найгусьцейшы лес. Тутака сядзела на яйкох качка; маркотна ей было чакаць, пакуль вылупяцца качаняты. Да таго-ж госьці рэдка прыходзілі да яе; другія качкі з большай прыемнасьцю плавалі сабе ў сажалках, чым-ся сядзелі з ёю пад лапухамі.

Урэшце яйкі пачалі покацца адно па другім і не задоўга качаняты высунулі з іх свае галоўкі, а пагадзя і саўсім вылупіліся і пачалі аглядацца на ўсе бакі. Маці не забараняла ім глядзець на зялёныя лапухі, бо, як ведама, зялёны коляр здаровы для вачэй.

„Які, аднак, гэты сьвет вялікі“.—сказалі ўсе качаняты. І, запраўды, цяперака у іх было больш мейсца, як у той час, калі яны месьціліся ў яйку.

„Дык вы думаеце, што тутачка і ўвесь сьвет канчаецца“, — спытала маці. — Ну, не ён цягнецца яшчэ далёка аж па за той бок саду і дасягае, вун,