Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нядобра? А чаго-ж вы чакалі? Гэты малы бегае ўсюды і здзекуецца з усіх тых, хто быў калісьці добрым паляўніком. І нават лепшых з нас дзеля забавы цягае за вусы!..

Гэта гаварыў Шэр-Хан, Кульгавы тыгр, які прыкандыбаў да вады. Ён з задавальненнем пазіраў, якое ўражанне зрабіла яго з'яўленне на аленяў, што былі на процілеглым беразе. Потым апусціў сваю квадратную лахматную галаву да вады і пачаў піць і буркаць:

— Джунглі зрабіліся цяпер пляцоўкай для гульняў голых дзяцей. Паглядзі на мяне, Чалавечае Дзіцянё.

Маўглі пранікліва паглядзеў на яго, і праз хвіліну Шэр-Хан адвёў вочы.

— Чалавечае Дзіцянё! Чалавечае Дзіцянё! — зарыкаў Шэр-Хан.

— Ён не Чалавек і не Дзіцянё, бо іначай ён павінен быў спалохацца. Чаго добрага, у наступны раз мне прыдзецца прасіць у яго дазволу напіцца. Агр!..

— І гэта можа здарыцца! — прамовіла Багіра, пільна гледзячы яму ў вочы. — І гэта можа здарыцца... Фі, Шэр-Хан, гэта што яшчэ за ганьба такая?

Кульгавы Тыгр апусціў у ваду падбародак і шчокі і па вадзе паплылі чырвоныя палосы.

— Чалавек! — спакойна адказаў Шэр-Хан. — Я забіў яго з гадзіну назад...

І ён буркнуў і піў сабе далей, не звяртаючы ні на каго ўвагі. Але звяры захваляваліся, загулі, і нарэшце, пачуліся крыкі:

— Чалавек! Чалавек! Ён забіў Чалавека!

І ўсе паглядзелі на Хаці, Дзікага Слана.