Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яна міне. Усё міне, — адказаў Хаці, паліваючы свае бакі і спіну.

— Але з намі ёсць такі, які доўга не вытрымае! — казаў Балу, зірнуўшы на хлопчыка, якога так любіў.

— Гэта я? — з абурэннем спытаўся Маўглі і сеў у вадзе... — Праўда, у мяне няма футры, каб схаваць косці, але... Каб з цябе сцягнуць скуру, Балу...

Хаці аж скрывіўся, а Балу сурова сказаў:

— Чалавечае Дзіцянё! Як можаш ты так казаць пра настаўніка Закону? Ніхто яшчэ не бачыў мяне без скуры!

— Я не хацеў пакрыўдзіць цябе, Балу. Я хацеў толькі сказаць, што ты нібы какос у шалупінні, а я той самы какос без шалупіння. І вось, каб тваё бурае шалупінне...

Маўглі сядзеў, падкурчыўшы ногі і падняўшы ўгару палец, як гэта ён звычайна рабіў, а ў гэты момант Багіра працягнула сваю мяккую лапу і занурыла яго ў ваду.

— Чым больш, тым горш! — сказала Чорная Пантэра, калі Маўглі, пырскаючы, падняўся з вады. — То з Балу трэба садраць скуру, то ён у цябе какосавы арэх. Глядзі, каб ён не зрабіў з табой тое самае, што робяць з арэхамі.

— А што? — спытаўся Маўглі, на момант забыўшыся на асцярожнасць.

— Каб ён не разбіў табе галаву! — спакойна прамовіла Багіра і занурыла Маўглі другі раз.

— Нядобра здзеквацца з настаўніка! —дадаў Мядзведзь, калі хлопчыка занурылі трэці раз.