Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці-ж мне не ведаць гэтага? — адказала Багіра, бліснуўшы жоўтымі вачыма. Я ператварылася ў паядальніка чарапах, у паляўніка на жаб. Нгайя!.. Ці не пачаць мне грызці галлё?

— Ах, як гэта было-б добра!.. — наіўна прамовіла маладое алянё, што нарадзілася ў гэтую весну.

Хоць і вельмі сумныя былі жыхары Джунгляў, але нават Хаці не мог устрымацца ад смеху. А Маўглі, які ляжаў у цёплай вадзе, абапершыся ў дно локцямі, гучна зарагатаў і закалаціў па вадзе нагамі.

— Добра сказана, малы! — муркнула Багіра. — Калі Перамір'е скончыцца, гэта будзе залічана на тваю карысць...

І яна пільна прыгледзелася да аляняці, каб пазнаць яго пазней у выпадку сустрэчы.

Патроху завязалася гутарка па ўсёй лініі. Свінні штурхаліся і рохкалі, просячы паціснуцца; буйвалы порскалі і перагаворваліся праз мялізны, а алені расказвалі сумную аповесць пра цяжкія пошукі спажывы. Часам яны кідалі пытанне праз раку да мясажэраў, але нічога добрага ў адказ не чулі. Пякучы вецер з выем налятаў і губляўся сярод скал і сухога галля, пакідаючы на вадзе трэскі і пыл.

— Нават людзі і тыя паміраюць каля сваіх плугоў! — абвясціў малады Самбгур (казуля). — У гэтую ноч я трох такіх напаткаў. Яны ляжалі нерухомыя, а з імі іхнія буйвалы. Яшчэ крыху — і з намі будзе тое самае...

— Рака яшчэ больш апусцілася ад учорашняй ночы, — прамовіў Балу. — О, Хаці, ці бачыў ты калі-небудзь падобную засуху?