Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я гэтага не думаю; мы яшчэ ўбачым як расцвіце мохва, убачым маладых алянят, тлустых ад маладой травы. Пойдзем да Скалы Згоды і паслухаем навіны. Сядай мне на спіну, Браток.

— Не такі цяпер час, каб цягаць цяжар; я яшчэ трымаюся на нагах, але... наўрад ці мы з табой падобныя да тлустых бычкоў.

Багіра аглядзела свае шалудзівыя запыленыя бакі і прашаптала:

— Учора я забіла прывязанага бычка. Я так нізка апусцілася, што не адважылася-б скокнуць, калі-б ён быў адвязаны. Воў!..

Маўглі засмяяўся:

— Так, добрымі мы зрабіліся паляўнікамі! Я так асмялеўся, што еў чарвякоў!

І прыяцелі павалакліся разам да берагу ракі.

— Гэтая вада не доўга пражыве, — сказаў Балу, далучыўшыся да іх. — Гляньце, вунь сляды, падобныя да шляхоў людзей.

На гладкай раўніне далёкага берагу двухметравая трава памёрла і засохла, стоячы як мумія. Сярод гэтай травы былі працярэблены глыбокія пыльныя сцежкі, якія нават у такі ранні час кішэлі жывёламі, што спяшаліся да вады. Алені і лані ад пылу моцна чмыхалі.

У звіліне ракі знаходзілася Скала Згоды, знак Вадзянога Перамір'я, стаяў са сваімі сынамі Дзікі