Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сюды кожную ноч прыходзіў і Маўглі, шукаючы прахалоды і кампаніі. Нават самыя галодныя з ворагаў хлопчыка наўрад ці думалі цяпер аб ім. Дзякуючы сваёй голай скуры, ён здаваўся яшчэ больш мізэрным і схудалым, як яго таварышы. Сонца выпаліла яго валасы, і яны зрабіліся светлыя, як лён, рэбры выпіраліся, бы дубцы з кошыка. Але вочы пад навіслым чубам былі спакойныя і халодныя, бо Багіра, яго нязменная дарадчыца ў гэты цяжкі час, навучыла яго рухацца ціха, паляваць, не спяшаючыся, і ніколі, ані ў якім выпадку не траціць цярплівасці.

— Дрэнная пара прыйшла! — казала Чорная Пантэра ў гарачы вечар, які дыхаў, бы распаленая печка. — Але гэта не бяда, калі мы выжывем. А што, бруха ў цябе пустое, Чалавечае Дзіцянё?

— Бруха не пустое, але мне нядобра. Як ты думаеш, Багіра, ці зусім пазабыліся на нас дажджы і ўжо ніколі не вернуцца?