Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палоску каменняў, ён зразумеў, што перад ім — Скала Згоды. Тады ён падняў хобат і абвясціў "Вадзяное Перамір'е", як гэта зрабіў яго бацька за поўстагоддзе назад. Але дзікія свінні і буйвалы хрыпатымі галасамі падхапілі гэты кліч, а каршун Чыль паляцеў шырокімі кругамі над Джунглямі, высвістваючы і выкрыкваючы той-жа кліч.

Паводле законаў Джунгляў падлягае смерці кожны, хто забівае ля вадапою пасля таго, як абвешчана Вадзяное Перамір'е. Гэта таму, што піццё важней за яду. Калі дзічыны мала, кожны жыхар Джунгляў сяк-так абыдзецца. Іншая рэч — вада. І калі яна ёсць толькі ў адным месцы, то ў часе вадапою паляванне ў Джунглях спыняецца. Усе жыхары Джунгляў стомленыя, галодныя — тыгры, мядзведзі, алені, буйвалы, свінні — ішлі да перасохлай ракі, адным гуртам пілі цвілую ваду і стаялі над ёй настолькі знясіленыя, што не маглі ісці далей.

Алені і свінні бадзяліся па лесе цэлымі днямі і нічога не знаходзілі, апрача сухой травы і завялых лісцяў. Буйвалы не знаходзілі ні лужын, дзе яны так любілі прахалоджвацца, ні зялёнай травы. Змеі выпаўзалі з Джунгляў і накіроўваліся да ракі, спадзяючыся хоць тут злавіць якую-небудзь жабу. Яны абвіналіся вакол мокрых каменняў і нават не спрабавалі ўцякаць, калі якая-небудзь свіння непакоіла іх. Рачныя чарапахі даўно ўжо былі знішчаныя Багірай, самай спрытнай сярод паляўнічых, а рыбы зарыліся глыбока ў шчарбатую твань. Толькі Скала Згоды цягнулася доўгай змяёй, і маленькія цурочкі нават сінелі на яе гарачых баках.