Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дзякую за сытны абед, — прамовіў ён, аблізваючы губы. — А, якія прыгожыя вашы шляхетныя дзеткі! Якія ў іх вялізныя вочы! А яны-ж яшчэ маладыя зусім. Але выбачайце, я забыўся, што дзеці цароў — дарослыя з першага-ж дня.

Табакі, як і кожны, добра ведаў, што няма нічога горшага як хваліць дзяцей у вочы, але яму прыемна было зрабіць прыкрасць Бацьку і Матцы ваўчанят.

Некаторы час Табакі сядзеў ціха, задаволены сваімі словамі, а потым зласліва сказаў:

— Шэр-Хан, Вялікі, мяняе месца палявання. У будучым месяцы ён будзе паляваць у тутэйшых горах, — так сказаў ён мне.

Шэр-Хан быў тыгр, які жыў ля ракі Вайнгунгі, за дваццаць міль.

— Не мае права! — гнеўна крыкнуў Бацька Воўк. — Паводле закону Джунгляў ён не мае права мяняць месца без належнага паведамлення. Ён распудзіць усю дзічыну на дзесяць міль навакол, а мне... мне трэба лавіць за двух у гэтыя дні.

— Нездарма ягоная матка назвала яго Ленгры ("кульгавы"), — спакойна заўважыла Маці Ваўчыха. — Ён ад дня нараджэння кульгае на адну нагу і вось чаму забівае толькі хатнюю жывёлу. Пасяленцы Вайнгунгі востраць на яго зубы — і вось ён ідзе сюды, каб і нашых суседзяў раззлаваць. Праз яго яны пачнуць паліць Джунглі. Яму што, — ён пойдзе сабе куды-небудзь далей, а нам з дзецьмі прыдзецца ўця-