Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Огрр! — прабурчэў Бацька Воўк. — Час ужо ісці на паляванне.

І ён ужо хацеў быў кінуцца ўніз з узгорка, як раптам маленькая постаць з пушыстым хвастом загарадзіла ўваход і наверашчала:

— Хай будзе табе ўдача, о, Галоўны над ваўкамі! Шчасце і моцныя белыя зубы хай заўсёды будуць у тваіх шляхетных дзяцей, і хай не забываюцца яны на тых, хто галадуе на гэтым свеце!

Гэта быў шакал Табакі, падліза, а ваўкі індыйскіх лясоў глядзяць на Табакі з пагардай, бо ён заўсёды шнырае ўсюды, робіць паскудствы, разносіць плёткі і жарэ рыззё і кавалкі скуры, што знаходзіць на вясковых сметніках. Але яны-ж і баяцца Табакі, бо ён больш як хто ў джунглях, паддаецца шаленству; і тады ўжо ён не баіцца нікога, імчыцца па лесе і кусае ўсіх, хто толькі трапіцца на яго шляху. Нават тыгр бяжыць і хаваецца, калі шалее маленькі Табакі; шаленства жахлівей за ўсё ў свеце, што толькі можа пагражаць зверу. Мы, людзі, завем гэтую хваробу водабаязню, а зверы завуць яе "дэвані" — шаленства — і бягуць без аглядкі.

— Ну, ідзі, шукай, — пахмура прамовіў Бацька Воўк, — ды тут і няма спажыўнага.

— Для Ваўка няма, — адказаў Табакі — але для такой нікчэмнай асобы, як я, і сухая костка ўжо баль. Дый ці нам, Гідур-логу ("шакалавае племя") выбіраць і быць разборлівымі?

Ён шмыгнуў у глыбіню пячоры і знайшоў аленявую костку, на якой яшчэ засталося крыху мяса; ён прыціснуўся да яе і прагна пачаў грызці.