Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каць адсюль, калі падпаляць траву. Дзякуй, дзякуй Шэр-Хану.

— А можа перадаць яму вашу падзяку? — спытаўся Табакі.

— Вон! — рыкнуў Бацька Воўк. — Вон! Ідзі паляваць да свайго дабрадзея. Досыць ты нарабіў зла для адной ночы.

— Я іду, — спакойна адказаў Табакі. — Вы пачуеце Шэр-Хана ўнізе, у гушчары. Я мог і не выконваць даручэння...

Бацька Воўк прыслухаўся, і з глыбіні даліны, што спускалася да маленькай рачулкі, да яго даляцеў рэў тыгра, сухі, злосны, працягла-вісклівы; выццё, якое сведчыла, што звер упусціў здабычу і што яму ўжо ўсёроўна, ці будуць ведаць пра гэта Джунглі, ці не.

— Дурань! — прамовіў Бацька Воўк. — Начную работу пачынаць з гэткага шуму! Ён, мусіць, думае, што нашы алені тое самае, што тлустыя бычкі Вайнгунгі.

— Тс! Цяпер ён палюе не на бычка і не на аленя, — перапыніла яго Маці Ваўчыха. — Гэта Чалавек!

Выццё ператварылася ў нейкае гудучае мурканне, якое, здавалася, выходзіла з усіх пунктаў ваколіцы. Гэта быў той гук, які прыводзіць у дзікі жах дрывасекаў і цыганаў, што начуюць пад адкрытым небам, і часам прымушае іх кідацца проста ў зубы тыгру.

— Чалавек! — сказаў Бацька Воўк, ашчэрыўшы ўсе свае белыя зубы. — Фуй! Лепш ужо есці жукоў і жаб,