Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Воўчай Зграі, дзе навучаўся Закону ў бурага мядзведзя Балу. Балу-ж, калі хлопчыку абрыдалі бясконцыя загады, сказаў яму, што Закон падобны да гіганцкай Паўзучай Ліяны, — ён падае на спіну кожнаму, і ўхіліцца ад яго няма магчымасці.

— Калі пажывеш столькі, колькі я, Браток, дык убачыш, што ўсе Джунглі падначальваюцца прынамсі хоць аднаму Закону! І з'явішча будзе не вельмі прыемнае... — скончыў Балу.

Словы гэтыя ўвайшлі Маўглі ў адно вуха, а з другога вышлі. Але прыйшоў час, калі словы Балу спраўдзіліся, і Маўглі сваімі вачыма ўбачыў усе Джунглі пад уплывам аднаго Закону.

У гэты год зімовых дажджоў амаль не было, і іглак-Сагі, спаткаўшы Маўглі ў бамбукавым гушчары, паведаміў, што дзікае проса пачынае засыхаць. Усім вядома, што Сагі вельмі пераборлівы і ўжывае толькі самыя адборныя і спелыя плады. Маўглі засмяяўся і сказаў:

— А мне што да таго?

— Можа цяпер яшчэ нічога, — адказаў Сагі з непрыемным хрумсценнем сваіх калючак-іглаў. — А вось далей убачыш. А што, Браток, ці можна яшчэ даваць нырца ў глыбокай сажалцы, што каля Пчаліных Скал?

— Не. Дурная вада выходзіць, і я не хачу разбіць сабе галаву! — сказаў Маўглі, якому здавалася, што ён адзін ведае столькі, колькі пяцёра кожных іншых жыхароў Джунгляў.

— Шкада! Каб у тваёй галаве была хоць маленькая шчыліна, ты мог-бы набрацца крыху розу-