Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
БРАТЫ МАЎГЛІ

На крыллях Чыля ноч прыйшла, лятаюць кажаны.
Жывёлы ў хлеве—мы адны да ранішняй зары...
Удар кіпцёў і стук зубоў злілісь ў крывавы стогн...
Увага! Добра будзе ўсім, шануе хто закон.
Начная песня Джунгляў.

Надыходзіла сёмая гадзіна гарачага вечара на ўзвышшах Сіанійскіх, калі Бацька Воўк прачнуўся ад дзённага сну, пачухаўся, зяхнуў і выцягнуў адну за адной лапы, якія здрантвелі да кіпцюроў у соннай млявасці. Маці Ваўчыца ляжала, утыркнуўшыся вялізным шэрым носам у чацвёра сваіх шчанят, якія дурэлі на падлозе, а месяц ззяў праз шчыліну пячоры, дзе ўсе яны жылі.