Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мо... можа я і крычала што-небудзь у часе бойкі, — адказала Багіра. — Ці не ранены ты, Балу?

— Я не ўпэўнены ў тым, што яны не выкраілі з мяне сотню мядзведжанят, — сказаў Балу, атрахаючы лапы адну за адной. — Ваў! Я ўвесь змардаваны. Каа! Ты выратаваў нам з Багірай жыццё, я думаю...

— Глупства. Дзе чалавечак?

— Тут, у пастцы. Я не магу вылезці! — крычаў Маўглі з павільёна.

— Убярыце яго! Ён скача, як Мор, пава. Ён парасціскае нашых дзяцей! — запрасіліся кобры.

— Ага!! — усміхнуўся Каа. — У яго ўсюды прыяцелі, у гэтага чалавечка! Адыдзі, адыйдзі, Дзіцянё, а вы схавайцеся, Атрутнае Племя. Я ламаю сцяну.

Каа ўважліва абследваў сцяну і знайшоў у мармуры шчарбіну, якая паказвала слабае месца. Спачатку ён некалькі разоў лёгка стукнуў галавой, каб нарыхтавацца, а потым падняў два метры свайго цела і разоў з дзесяць грукнуў у сцяну сваім носам, як таранам. Сцяна трэснула і павалілася, узняўшы хмары пылу і смецця, а Маўглі скокнуў у праход, падбег да Балу і Багіры і абняў рукамі іх вялізныя шыі.

— Ці не пабіўся ты? — казаў Балу, пяшчотна абдымаючы яго.

— Я змучыўся, згаладаўся і значна падрапаны. Але-ж як яны вас апрацавалі, Браткі. Вы зыходзіце крывёю.

— Ды і яны не менш, — сказала Багіра, аблізваючы губы і пазіраючы на трупы малпаў, параскіданыя на тэрасе і вакол басейна.