Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жахі Джунгляў злучаліся ў Каа, бо ніводная з малпаў не ведала канца-краю яго моцы, ніводная не адважвалася зірнуць яму проста ў вочы, ніводная не вырывалася жывою з яго абдымкаў. Таму яны беглі з крыкамі жаху на сцены і дахі дамоў, а Балу ўздыхваў з палягчэннем. Поўсць яго была куды гусцейшая, як у Багіры, але і ён значна пацярпеў у сутычцы.

У гэты момант Каа першы раз за ўвесь гэты час расчыніў свае вусны і выпусціў толькі адно доўгае сіпучае слова, і тады самыя далёкія малпы, якія спяшаліся на абарону Халодных Пячор, скамянелі на месцы і ледзь не зваліліся з галін, пагнутых ад іх цяжару. Малпы, што размясціліся па сценах і пустых дамах, сцішыліся, і ў гэтай цішы Маўглі чуў як Багіра вылезла з басейна і страсала з сябе ваду. Потым крыкі зноў пачаліся. Малпы лезлі ўсё вышэй на сцены, ахапіўшы шыі вялізных каменных ідалаў, яны дзіка верашчалі, ці пераскоквалі па сценных зубцах. А Маўглі, які скакаў ад радасці ў павільёне, прыціснуўся тварам да дзірчастай сцяны і завыў па-савінаму ў знак насмешкі і пагарды.

— Выцягні хлопчыка з гэтай пасткі, бо ў мяне ўжо сілы няма, — прамовіла Багіра. — Забярэм Чалавечае Дзіцянё і пойдзем. А то яны могуць зноў напасці.

— Яны не варухнуцца з месца, пакуль я ім не загадаю. С-с-с-стойце! — прасіпеў Каа, і зноў усё сцішылася.

— Я не мог прыйсці раней, але мне здалося, нібы я чуў твой кліч, — дадаў ён звярнуўшыся да Багіры.