Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

метр яго даўжэннага цела знаходзіцца ў баявой гатоўнасці.

Тымчасам бітва ішла сваім чэрадам. Балу заўзята біўся з шматлікім ворагам. Малпы скуголілі вакол Багіры, а Манг, Упыр, лётаў узад і ўперад і разносіў па Джунглях весткі пра вялікі бой. Вось затрубіў Хаці, Дзікі Слон, і з усіх бакоў здалёк, па дрэўных сцежках пачалі збірацца натоўпы малпаў на дапамогу таварышам у Халодныя Пячоры. Шум бітвы разбудзіў нават дзённых птушак на многа міль навакол.

Тады Каа выпрастаўся і з запалам рынуўся наперад. Баявую сілу пітона складае ўдар галавой, падмацаваны вагой і дужасцю ўсяго цела. Уявіць сябе піку, ці таран, ці молат вагою ў поўтоны, які кіруецца халодным, спакойным розумам, што знаходзіцца ў ручцы — і вы будзеце мець некаторае разуменне, што такое Каа ў часе барацьбы. Пітон у паўтара-два метры даўжынёю можа забіць чалавека, калі трапіць проста ў грудзі, а Каа, як вядома, меў дзевяць метраў. Першым маўклівым, ціхім удавам ён урэзаўся ў натоўп вакол Балу, а другога ўжо і не трэба было. Малпы разбегліся з крыкамі:

— Каа! Гэта Каа! Бяжыце! Уцякайце!

Цэлыя пакаленні малпаў выхоўваліся ў паслухмянасці расказамі старэйшых пра страшнага Каа, начнога злодзея, які слізгае па суках так ціха, бы мох расце, і крадзе самых дужых малпаў; пра старога Каа, які так дасціпна прымае выгляд сухой галіны ці трухлявага камля, што самыя сталыя малпы даваліся ў зман і заўважалі сваю памылку толькі тады, калі гэты камель ужо абкручваўся вакол іх. Усе