Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скогату, порскання і глыбокага хрыпатага кашлю Багіры, якая круцілася і захлёбвалася ў шчыльнай масе сваіх ворагаў. Упершыню са дня нараджэння Багіра так люта білася.

"Тут павінен быць Балу, Багіра не прыйшла б адна", — думаў Маўглі; потым крыкнуў. — Да водазбора, Багіра! Каціся і давай нырца! Хутчэй у ваду!

Багіра пачула яго, і гэты крык, які сведчыў, што Маўглі жывы, паддаў ёй бадзёрасці. З вялікім намаганнем, па кроку пракладвала яна сабе шлях да вады.

Раптам з разбуранай сцяны з боку Джунгляў пачуўся громавы ваенны кліч Балу. Стары мядзведзь стараўся з усёй моцы, але не мог прыйсці раней.

— Багіра! — крычаў ён. — Я тут! Я лезу! Я спяшаюся! Агувора! Каменні слізгаюцца пад маімі нагамі. Пачакайце, о паскуднейшыя Бандар-Лог!

Ён, засопшыся, узлез на тэрасу і з галавой рынуўся ў натоўп малпаў, але зараз-жа ўстаў на заднія лапы, захапіў у абдымкі як мага больш ворагаў і пачаў калашмаціць іх з шумам, падобным да пляскання параходнага кола па вадзе. Плёск вады паказаў Маўглі, што Багіра прабілася, нарэшце, да басейна, куды малпы не маглі за ёй сунуцца. У вадзе пантэра магла перадыхнуць, пакуль малпы па тры адна на адной абляпілі чырвоныя ступенькі басейна і таўкліся ў бяссільнай злосці, рыхтуючыся кінуцца на ворага з усіх бакоў, як толькі той вылезе на дапамогу Балу.

Тады Багіра задрала галаву і ў роспачы выгукнула Змяіны Кліч аб дапамозе:

— Мы адной крыві, вы і я!