Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кія крокі Багіры. Чорная Пантэра ўзбегла па скату без ніякага шуму і цяпер біла (яна не любіла траціць час на ўкусы) направа і налева малпаў, якія сядзелі вакол Маўглі ў пяцьдзесят ці шэсцьдзесят радоў. Пачуліся гнеўныя і жахлівыя крыкі, і ў той час, калі Багіра таптала малпаў, пачуўся голас адной з іх:

— Тут толькі адзін! Біце яго! Біце!

Шчыльная маса малпаў, якія кусаліся, драпаліся і штурхаліся ва ўсе бакі, злучыліся вакол Багіры. Пяць ці шэсць малпаў падхапілі Маўглі, павалаклі яго па сцяне павільёна і ўвапхнулі ў шчыліну купала. Хлопчык, які быў-бы выхаваны сярод людзей, моцна разбіўся-бы, зваліўшыся з вышыні шасці–сямі метраў, але Маўглі зваліўся так, як вучыла яго Багіра, і лёгка дакрануўся да зямлі нагамі.

— Заставайся тут, — крыкнулі малпы, — пакуль мы не заб'ем тваіх прыяцеляў, а потым мы будзем гуляць з табой, калі толькі Атрутнае Племя пакіне цябе ў жывых.

— Мы з вамі адной крыві, вы і я! — сказаў Маўглі, спрытна выдаўшы Змяіны Кліч. Ён чуў шолах і сіпенне, якія даносіліся з кучы смецця, дзе ён стаяў, і для большай бяспекі другі раз падаў кліч.

— Хай так! Апускайце ўсе галовы ўніз! — пачуліся ціхія галасы (у Індыі кожная руіна раней ці пазней робіцца жыллём для змей, і стары павільён быў заселены кобрамі). — Стой ціха, Братка, бо твае ногі могуць нарабіць нам бяды.

Маўглі стаяў, як мага цішэй, гледзячы скрозь празрыстыя сцены і прыслухоўваючыся да лютай бойкі, якая адбывалася вакол пантэры — да выцця,