Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выхвалялі Бандар-Лог, і калі прамоўца прыпыняўся, яны крычалі разам:

— Гэта так, усе мы сцвярджаем гэта!

Маўглі таксама ківаў галавою, лыпаў вачыма і казаў "так", калі да яго звярталіся з пытаннем. Але галава яго кружылася ад усяго гэтага гармідару.

"Мусіць, шакал Табакі пакусаў усю гэту араву, — думаў ён, — і цяпер яны пашалелі. Вядома, гэта дэвані, шаленства. Няўжо-ж яны ніколі не спяць? Вось хмара збіраецца затуліць месяц. Каб яна была досыць вялікая, я паспрабаваў-бы ўцячы ўпоцемку. Але-ж як я змарыўся!"

За гэтай самай хмарай пільна сачылі і двое прыяцеляў, якія прытуліліся ў разваленым рове ля гарадской сцяны. Багіра і Каа ведалі, якія небяспечныя бываюць малпы, калі іх вельмі многа, і таму не хацелі рызыкаваць. Малпы ніколі не выступаюць менш як сотняй супроць аднаго, і мала хто ў Джунглях ідзе на такую рызыку.

— Я адпраўлюся да заходняй сцяны, —прашаптаў Каа, — і спушчуся па нахілу. На мяне яны не кінуцца, хоць-бы іх там былі сотні, але...

— Я ведаю, — сказала Багіра. — Хутчэй-бы гэты Балу прыходзіў!.. Але мы павінны зрабіць, што можам. Калі гэтая хмара затуліць месяц, я пушчуся на тэрасу. Яны там, відаць, радзяцца наконт хлопчыка.

— Добрага Палявання, — панура прамовіў Каа і папоўз да заходняй сцяны.

На бяду, яна выдалася найбольш разбуранай, і вялізны змей шмат патраціў часу, шукаючы дарогі. Хмара закрыла месяц і Маўглі пачуў на тэрасе лёг