Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тут наляцелі на яго малпы і пацягнулі назад з папрокамі, што ён не цэніць свайго шчасця, а для таго, каб ён яго ацаніў — шчыпалі яго. Ён сцяў зубы і моўчкі пайшоў з натоўпам крыклівых малпаў на тэрасу, што ўзвышалася над басейнам з чырвонага камня. Пасярэдзіне тэрасы стаяў разбураны павільён з белага мармура, пабудаваны для адпачынку царыц, якія ўжо сотні гадоў адпачывалі ў зямлі. Купалападобны дах абваліўся і засыпаў падземны ход з палаца, якім карысталіся царскія жоны. Сцены складзены былі з дзірчастых мурмуравых плітак малочна-белага колеру, на якім яскравіліся мазаіка з агатаў, яшмы, сярдолікаў і іншых самацветных каменняў. Калі з-за ўзгорка выходзіў месяц, дык святло яго праходзіла праз дзірчастыя сцены і кідала на зямлю цені, як чорныя аксамітныя мярэжкі.

Хоць Маўглі быў вельмі змораны і галодны, хоць яму хацелася спаць, але ён не мог устрымацца ад смеху, калі Бандар-Лог пачалі па дваццаць разоў расказваць яму, якія яны мудрыя, дужыя, шляхетныя, і які ён дурны, што захацеў пайсці ад іх.

— Мы вялікія! Мы вольныя! Мы дзівосныя! Мы самы дзіўны народ ва ўсіх Джунглях! Усе мы так гаворым, значыцца яно праўда! — гарланілі яны. — Ты нас слухаеш упершыню і можаш перадаць нашы словы жыхарам Джунгляў, каб яны нас потым заўважалі, таму мы ахвотна ўсё раскажам табе пра нашы адмысловыя асобы.

Маўглі не супярэчыў, і малпы сотнямі і тысячамі сабраліся на тэрасу слухаць сваіх прамоўцаў, якія