Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго ў Халодныя Пячоры пад вечар і, заместа таго, каб легчы спаць, як гэта зрабіў-бы кожны пасля вялікага падарожжа, — яны ўзяліся за рукі і пусціліся ў скокі, спяваючы свае дурныя песні. Адна з малпаў сказала прамову, у якой даводзіла, што палон Маўглі адзначыў новую эру ў гісторыі Бандар-Лога, бо Маўглі пакажа ім, як плесці чаротнік і галлё для аховы ад дажджу.

Маўглі ўзяў некалькі паўзучых сцяблоў і пачаў іх пераплятаць, малпы пачалі былі пераймаць, але ўжо праз некалькі хвілін страцілі цікавасць да працы і пачалі торгаць адзін аднаго за хвост, або з кашлем скакаць ракам.

— Я хачу есці! — сказаў Маўглі. — Я чужаземец у гэтай частцы Джунгляў. Прынясіце мне ежы або дазвольце мне тут папаляваць.

Дваццаць ці трыццаць малпаў кінуліся прынесці яму арэхаў і дзікіх пладоў, але па дарозе яны пабіліся, і ад пладоў нічога не засталося. Маўглі, смутны і злы ад голаду, сумна бадзяўся па пустынным горадзе і час ад часу выдаваў Кліч Палюючага Чужаземца. Але адказу не было, і Маўглі зразумеў, што трапіў у вельмі дрэннае месца.

"Усё, што Балу мне казаў пра Бандар-Лог, — разважаў ён, — шчырая праўда. У іх няма ні Закону, ні Клічу паляўнічых, ні правадыроў, — нічога, апрача дурных слоў і зладзейскіх рук. Калі я тут памру ад голаду, ці буду забіты, дык па сваёй уласнай віне. Але трэба як-небудзь вярнуцца ў родныя Джунглі. Балу, пэўна, паб'е мяне, але гэта ўсё-ж лепш, як ганяцца за ружовымі пялёсткамі разам з Бандар-Логам".