Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яны прывалаклі хлопчыка ў закінуты горад і пачалі святкаваць свой поспех.

Маўглі да гэтага часу ні разу не бачыў індыйскага горада, і хоць гэта былі толькі руіны, яны здаліся яму незвычайна прыгожымі і раскошнымі. Горад быў пабудаваны на ўзгорку нейкім царом з давен-даўно. Яшчэ можна было разгледзець каменны брук, які вёў да разбуранай брамы, дзе віселі на іржавых завесах спарахнелыя рэшткі дошак. Дрэвы раслі на сценах і з сцен; дзікія паўзучыя расліны жмутамі звешваліся праз вокны насценных вышак.

На ўзгорку стаяў вялізны палац без даха. Мармуровы двор і фантан патрэскаліся, пакрыліся чырвонай і зялёнай цвіллю, а каменні ад пабудоў, дзе жылі царскія сланы, былі параскіданы па траве і між маладых дрэў. З палаца відаць былі бясконцыя рады дамоў без дахаў, што надавала ім выгляд пустых пчаліных сотаў з чорнымі ячэйкамі. На скрыжаванні чатырох дарог ляжала груда камення, якое калісьці складала ідала. На рагу вуліц былі яры і яміны, якія былі гарадскімі студнямі. Выпестраныя купалы храмаў параслі дзікімі смоквамі.

Малпы называлі гэтае месца сваім горадам і імкнуліся зневажаць жыхароў Джунгляў за тое, што яны жывуць у лесе. Але малпы і самі не ведалі, дзеля чаго пабудаваны гэтыя дамы і як імі карыстацца. Яны садзіліся гуртом у зале пасяджэнняў царскай рады, чухаліся, лавілі блох і ўяўлялі сябе людзьмі! Або бегалі ў зруйнаваныя дамы, збіралі кавалкі цэглы і складвалі іх у кут, а потым забываліся, куды яны дзелі іх, і пачыналі гармідар, тузаніну, а пасля гэтага