Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мабыць моцна іх у яго загналі! — заўважыла Багіра. — Але і я ганаруся ім. А цяпер мы павінны ісці к Халодным Пячорам.

Усе яны ведалі, дзе знаходзіцца гэтае месца, але мала хто з жыхароў Джунгляў туды наведваўся. Халодныя Пячоры станавілі сабою стары запушчаны горад, які загубіўся і пахаваўся ў Джунглях, а зверы не карыстаюцца такімі мясцінамі, якімі хоць раз карыстаўся чалавек. Толькі дзік туды заглядвае, але паляўнічыя пляменні ніколі. Апрача таго, тут жылі малпы, паколькі яны наогул могуць жыць на адным месцы, таму ніводзін звер, які больш-менш сябе паважае, не набліжаўся да гэтага месца, за выключэннем тых выпадкаў, калі ў часе засухі ў напалову разбураных водазборах і цыстэрнах можна было крыху знайсці вады.

— Палова ночы хады ва ўвесь дух, — абвясціла Багіра, а Балу задумаўся аб нечым вельмі сур'ёзным.

— Я пабягу так шпарка, як толькі буду магчы, — з трывогай прамовіў ён.

— Мы не будзем цябе чакаць. Бяжы за намі, Балу. Мы з Каа павінны імчацца з усіх ног.

— З нагамі, ці без іх, я не адстану ад цябе, чатырохногага, — сказаў Каа.

Балу напружыў усю сваю моц, каб не адстаць, але хутка засопся і прысеў адпачыць. Спадарожнікі дамовіліся, што ён прыйдзе пазней, і пакінулі яго. Багіра шпарка скакала наперад. Каа моўчкі поўз побач. І як ні старалася Багіра паддаць ходу, — вялізны Каменны Пітон трымаўся разам з ёю. Калі яны падбеглі да горнага ручая, Багіра проста пераскочыла