Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мне? Якім чынам? Я хапаю іх, калі яны трапляюцца мне на дарозе, але я не палюю на Бандар-Лог, як не палюю на жаб ці на зялёную цвіль у сажалках.

— Угару, угару! Угару, угару! Гілё! Ілё! Ілё, глядзі ўгару, Балу, з Сіанійскай Воўчай Зграі!

Балу зірнуў угару, каб даведацца, адкуль даносіцца голас, і ўбачыў каршуна Чыля, які спускаўся ўніз. Ускраек яго крылляў зіхацеў ад сонечных праменняў. Яму быў ужо час ісці спаць, але ён гойсаў па ўсіх Джунглях, шукаючы мядзведзя, якога ён не мог убачыць праз густое лісце.

— У чым справа? — спытаўся Балу.

— Я бачыў Маўглі сярод Бандар-Лога. Ён даручыў мне перадаць вам. Я сачыў. Бандар-Лог узялі яго за раку ў Горад Малпаў — ў Халодныя Пячоры. Яны прабудуць там ноч, ці дзесяць начэй, ці гадзіну. Я загадаў кажанам сачыць за імі з надыходам цямна. Вось і ўсе даручэнні. Добрага Палявання ўсім вам унізе!

— Поўнае валлё і глыбокі сон табе, Чыль! — крыкнула Багіра. — Я ўспомню пра цябе ў першае-ж паляванне, і для цябе аднаго адлажу цэлую галаву — о, лепшы з каршуноў!

— Глупства! Дробязь! Хлопчык сказаў Уладарнае Слова. Я не мог зрабіць менш! — і Чыль кругамі паляцеў на сваё седала.

— А ён не забыўся, як карыстацца мовай! — з гордай усмешкай мовіў Балу. — Падумай толькі: хлопец успомніў Уладарнае Слова для птушак у той момант, калі яго валаклі па дрэвах!