Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

напакованы гісторыямі, якія ён выслухвае толькі напалову і да таго яшчэ вельмі кепска пераказвае.

— Але гэта праўда. Гэта такое Чалавечае Дзіцянё, якіх яшчэ не было ў свеце! — сказаў Балу. — Найлепшы, найразумнейшы і найсмялейшы з Чалавечых Дзіцянят — мой вучань, які ўславіць імя Балу па ўсіх Джунглях. Апрача таго, я... мы любім яго, Каа!

— Тс! тс! — сказаў Каа, ківаючы галавой. — І я ведаў, што такое любоў. Я мог-бы вам парасказаць.

— Гэта будзе добра ў ясную ноч, калі мы ўсе будзем сытыя, каб належным чынам хваліць цябе, — як хутчэй прамовіла Багіра. — Наш хлопчык у руках Бандар-Лога, а мы ведаем, што ва ўсіх Джунглях яны баяцца толькі Каа.

— Яны баяцца мяне аднаго. І маюць прычыны, — сказаў Каа. — Балбатлівыя, дурныя і фанабэрыстыя, — фанабэрыстыя дурныя і балбатлівыя гэтыя малпы. Але Чалавеку ў іх руках добра не будзе. Ім надакучыць падбіраць арэхі і яны іх кідаюць. Яны поўдня носяцца з якім-небудзь дубцом, мяркуючы нарабіць з ім вялікіх спраў, а потым ламаюць яго напалам. Хлопчыку нельга пазайздросціць. Яны мяне лаялі жоўтай рыбай, ці так?

— Чарвяком, чарвяком, земляным чарвяком, — сказала Багіра — ды яшчэ і іншымі словамі, але сорам не дазваляе мне іх выказаць.

— Мы іх навучым добра выказвацца пра свайго гаспадара ааа-ссс! Мы ўмацуем іх слабую памяць. Але куды-ж яны накіраваліся з Дзіцянём?

— Адны Джунглі гэта ведаюць. Я думаю, на захад, — сказала Багіра. — Мы думалі, што табе гэта вядома, Каа.